(Русский) Свобода собраний в Беларуси: ноябрь 2020

У Беларусі не спыняюцца мірныя акцыі пратэсту, якія, нягледзячы на ​​жорсткія рэпрэсіі ўладаў, збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў. Гэта традыцыйныя дэманстрацыі па нядзелях, а таксама дэманстрацыі сталых людзей, медыкаў і акцыі салідарнасці.

7 лістапада ў Мінску быў анансаваны “Марш медыкаў”. Як толькі людзі ў белых халатах сталі на прыступкі першай клінічнай бальніцы, іх затрымалі людзі ў цывільным.

У нядзелю 8 лістапада ў Беларусі працягнуліся затрыманні на мірных акцыях пратэсту: усяго з 12 гадзін да ночы па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за тысячу чалавек. Пасля мірных акцый пратэсту 9-13 жніўня гэтыя затрыманні — самыя масавыя.

23 лістапада ў Мінску адбыўся традыцыйны “Марш мудрасці“. Не абыйшлося без затрыманняў. СМІ паведамлялі аб некалькіх затрыманнях у розных кропках горада.

За месяц, па інфармацыі ПЦ “Вясна”, уладамі затрымана больш за 4 000 чалавек. Судамі ў «канвеерным» рэжыме выносяцца пастановы аб штрафах і адміністрацыйных арыштах; у шматлікіх актывістаў тэрмін арышту выйшаў далёка за стандартныя 15 сутак. Многія працэсы праходзяць з істотнымі парушэннямі закона. За лістапад праваабаронцы атрымалі звесткі аб больш як 2 000 пастановах па адміністрацыйных справах: 1 615 арыштаваных на агульны тэрмін 20 550 сутак, 440 аштрафаваных на суму амаль 244 000 беларускіх рублёў.

У судах разглядаюцца крымінальныя справы ў сувязі з гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў унутраных войскаў.

5 лістапада ў судзе Жабінкаўскага раёна была разгледжаная крымінальная справа 17-гадовага Елісея Кузняцова, які абвінавачваўся ў тым, што кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў міліцэйскую машыну. Крымінальная справа была ўзбуджаная па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальны эфект якіх заснаваны на выкарыстанні гаручых рэчываў) і арт. 364 (пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў). Інцыдэнт, па якім судзілі Кузняцова, адбыўся 11 жніўня ў гарадскім парку Жабінкі. Хлопец цалкам прызнаў сваю віну, акрамя таго ён напісаў яўку з павіннай і яшчэ да суда раскаяўся ў зробленым. На судзе адзначыў, што дзейнічаў тады пад уплывам эмоцый, хацеў адцягнуць міліцыянтаў ад разгону мірнай акцыі пратэсту і затрымання яе ўдзельнікаў. Шкоды нікому нанесена не было: бутэлька ўпала на асфальт. Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

12 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прысуд па крымінальнай справе 63-гадовага Юзэфа Нямеры. Гродзенца абвінавачвалі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса : арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Юзэф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту 6 верасня і абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПа. Пры гэтым ён нейкім чынам штурхнуў аднаго з міліцыянтаў. Абвінавачванне настойвала на пазбаўленні волі. Суддзя Вольга Бекушава абвесціла прысуд: два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, у тэрмін залічанае трохмесячнае ўтрыманне пад вартай.

У Гомелі за гвалт у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК) на тры гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі 29-гадовага Сяргея Яфімава: увечары 9 жніўня ў раёне сквера Кірылы Тураўскага той распыліў пярцовы газ у твар супрацоўніку АМАПа — удзельніку разгону мірнай пратэстнай акцыі — і нанёс яму ўдар у галаву. Пры спробе затрымання ён вырываўся, распыліў газ і нанёс аднаму з супрацоўнікаў “не менш за дзевяць удараў у вобласць галавы і тулава”. Прысуд суддзі Сяргея Кармановіча — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхара Бабруйска Ягора Храмені, якога абвінавачвалі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі (арт. 364 КК). 13 лістапада суддзя раённага суда Антон Дудаль прызнаў Храменю вінаватым і вынес прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў за тое, што той заступіўся за жорстка затрыманага хлопца і распыліў пярцовы газ у напрамку супрацоўніка міліцыі.

Праваабаронцы вывучаюць гэтыя і іншыя справы — Рамана Караневіча ў Слуцку, Антона Лакішыка ў Мінску, Ігара і Алега Букасаў у Бабруйску і інш., вядуць маніторынг судовых працэсаў і рыхтуюць заключэнні аб выкананні працэсуальных і канстытуцыйных гарантый пры іх разглядзе судамі.

Таксама разглядаюцца крымінальныя справы, распачатыя па выпадках дыфамацыі.

29 кастрычніка ў Магілёве завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Станіслава Паўлінковіча, якога абвінавацілі ў абразе суддзі (391 КК РБ) суда Ленінскага раёна Аксаны Ратнікавай у траўні 2020 года. Суддзя Максім Курпачанка прызначыў Паўлінковічу тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу з вызваленнем ад пакарання тэрмінам на адзін год у сувязі з амністыяй. Пра гэта паведамляе mspring.online.

6 лістапада суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе Іллі Смольскага, якога абвінавацілі ў абразе дзяржаўнага сцяга па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса РБ. У віну Смольскаму паставілі тое, што, падскочыўшы, ён тузануў дзяржаўны сцяг, які вісеў на будынку, пры гэтым палка, на якім ён быў замацаваны, зламалася і сцяг зваліўся на зямлю, а Смольскі пайшоў далей. Суддзя Андрэй Грушко прызнаў Іллю Смольскага вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя Юлія Шут з суда Ленінскага раёна Мінска пакарала двума месяцамі арышту 21-гадовую мінчанку Марыю Сафонаву за надпіс “Жыве Беларусь” і выяву БЧБ-сцяга на жылым доме на вуліцы Балтыйскай і тратуарнай сцежцы па арт. 341 Крымінальнага кодэкса.

12 лістапада ў судзе Хойніцкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы гомельскага актывіста Аляксея Раманава за абразу прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае суддзя Андрэй Кардаш, які абвясціў суд закрытым.

Па ўсіх выпадках парушэння свабоды выказвання меркаванняў праваабаронцы прымуць адпаведныя заявы аб прызнанні фігурантаў гэтых справаў палітвязнямі ў выпадку пазбаўлення іх волі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *